26621503-3d-man-with-a-positive-symbol-the-green-check-mark-3d-image-white-background-

Як задэклараваць даходы за мінулы год? Падрабязны «гайд»

Зрабіць гэта трэба да 1 красавіка. Але лепш не адкладваць да апошняга

Сёлета дэкларацыю аб даходах за мінулы год трэба падаць у тэрмін не пазней за 31 сакавіка. Хто абавязаны займацца падлікам сваіх даходаў, а пры неабходнасці звярнуцца ў падатковы орган? Газета «Звязда» сумесна са спецыялістамі Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) падрыхтавала падрабязны тлумачальнік.

Другая легкавушка, грузавік і аўтобус

Да пачатку другога месяца вясны абавязкова запоўніць дэкларацыю павінны тыя людзі, хто за мінулы год прадаў больш чым адзін аўтамабіль, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога складае да 3500 кілаграмаў і колькасць сядзячых месцаў у якім, акрамя сядзення кіроўцы, – да васьмі. Абавязак на дэклараванне пачынаецца таксама пасля продажу аднаго грузавога аўтамабіля або аўтобуса, калі агульная маса першага перавышае 3500 кілаграмаў або колькасць месцаў другога перавышае восем. Тут спецыялісты МПЗ удакладнілі, што, калі машына, якую вы прадалі, дасталася вам у спадчыну, падатак плаціць не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння транспартных сродкаў на працягу каляндарнага года.

Лічым кватэры, гаражы і долі

Займацца дэклараваннем сваіх даходаў па выніках года павінны і тыя, хто на працягу 2016–2020 (пяці апошніх) гадоў прадаў іншым фізічным асобам другую кватэру або другі жылы дом, больш чым адзін садовы домік або гараж (зямельны ўчастак, машына-месца), якія належалі ім па праве ўласнасці. Гэта датычыцца таксама больш чым аднаго не завершанага будаўніцтвам капітальнага будынка, размешчанага на зямельным участку, выдзеленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садоўніцтва, дачнага будаўніцтва, у выглядзе службовага надзелу.

Увага! Пры атрыманні на працягу 2016–2020 гадоў даходаў ад продажу аднаго наймення аб’екта нерухомасці, напрыклад у 2016 годзе – адной (!) кватэры, а ў 2019 годзе – аднаго (!) жылога дома, грамадзянін не абавязаны прадстаўляць падатковую дэкларацыю, бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

Даходы, атрыманыя ад выплатнага адчужэння атрыманых у спадчыну аб’ектаў такой нерухомасці, вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад перыядычнасці іх адчужэння на працягу пяцігадовага перыяду.

Таксама па выніках года дэкларуюцца даходы ад продажу аднаго і больш аб’ектаў нерухомасці, якія не адносяцца да не завершанага будаўніцтвам капітальнага будынка, размешчанага на зямельным участку, выдзеленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садаводства, дачнага будаўніцтва, у выглядзе службовага надзелу, кватэры, жылога дома з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), дачы, садовага доміка з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), гаража, машына-месца, зямельнага ўчастка. Да такіх аб’ектаў адносяцца, напрыклад, гандлёвыя, офісныя і адміністрацыйныя памяшканні.

Ёсць, зноў жа, выключэнне з правіл. Прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць дамоў, дач або зямельных участкаў і іншую нерухомасць, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. Плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба, незалежна ад перыядычнасці адчужэння нерухомасці на працягу пяцігадовага перыяду.

Неабходна дэклараваць даходы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння долі (паю, часткі долі або паю) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе.

Ад «чужынцаў» лічым, ад сваякоў – не

Дэклараваць неабходна даходы, атрыманыя на працягу 2020 года ў выніку дарэння ў выглядзе нерухомай маёмасці па дамове рэнты бясплатна ад фізічных асоб, па дагаворах, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці, у памеры больш за 7003 беларускія рублі ад усіх крыніц на працягу года. Выключэнне складаюць падарункі сваякоў. Яны вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад памеру атрыманага ў выніку дарэння даходу.

Асобамі, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва, лічацца бацькі (усынавіцелі, удачарыцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, прадзед, прабабуля, праўнукі, муж і жонка. У адносінах сваяцтва будуць блізкія сваякі мужа ці жонкі, уключаючы памерлых.

Даходы з-за мяжы

Спецыялісты падатковай галіны асобна адзначаюць, што абавязкова дэкларуюцца любыя фінансавыя паступленні, што былі атрыманы грамадзянамі за мяжой і (або) з-за мяжы нашай краіны. Але папярэдне трэба вызначыць, што чалавек сапраўды быў прызнаны ў 2020 годзе падатковым рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (фактычна знаходзіўся на працягу мінулага года больш за 183 дні на тэрыторыі краіны).

Гэта могуць быць грошы ад работы па найме (кантракта), ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян, і іншае.

Фактычна выплачаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы сумы падатку з даходаў, атрыманых там (за выключэннем даходаў, атрыманых з афшорных зон), залічваюцца пры вызначэнні сумы падаходнага падатку, які трэба заплаціць у Беларусі. Тут існуе адзін нюанс. Такі залік ажыццяўляецца работніку пры ўмове, што ён прадставіць дакумент аб атрыманым даходзе і ўтрыманым падатку, пацверджаны падатковым ці іншым кампетэнтным органам замежнай краіны.

Такое пацвярджэнне даецца фізічнай асобай альбо ў момант падачы падатковай дэкларацыі, альбо на працягу аднаго года з дня падачы заявы аб правядзенні заліку падатку, які быў аплачаны ў бюджэт замежнай дзяржавы.

Калі будаўніцтва спынена

Па выніках года дэкларуецца і даход, атрыманы грамадзянінам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацыі забудоўшчыкаў.

Эксперты Міністэрства адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, абкладаюцца падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней была дадзена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Трэба дэклараваць таксама і даходы, якія былі атрыманы ў выглядзе грашовых сродкаў пры датэрміновым пагашэнні жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дагаворы. Дэкларацыя падаецца ў тым выпадку, калі па ўнесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў праведзены маёмасны падатковы вылік.

Такі ж механізм прадугледжаны, калі адмяняецца вылік на даходы ў выглядзе лізінгавых плацяжоў, якія выплачаны па дагаворы фінансавай арэнды, што прадугледжвае выкуп прадмета лізінгу – аднакватэрнага жылога дома або кватэры, у выпадках калі такі дагавор не завяршыўся выкупам маёмасці або ў дагавор былі ўнесены змяненні, якія выключаюць умовы выкупу прадмета лізінгу.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў летась такія грашовыя сродкі, абавязаны заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была выдзелена льгота ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Вярнуць… падатак

У нас ёсць і тыя, хто можа падаць у інспекцыю дэкларацыю з мэтай атрымання падатковых ільгот.

У прыватнасці, гэта датычыцца людзей, якія атрымлівалі ў мінулым годзе аўтарскія ўзнагароджанні або ўзнагароджанні за стварэнне, выкананне або іншае выкарыстанне твораў навукі, літаратуры і мастацтва, выплаты аўтарам вынаходніцтваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў і іншых вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Дэкларацыю варта запоўніць таксама спартсменам і іх трэнерам, якія атрымлівалі даходы ад асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўлялася імі не ў рамках каманднага ўдзелу.

Якімі падатковымі льготамі (вылікамі) можа скарыстацца фізічная асоба?

Стандартныя падатковыя вылікі:

  • у памеры 117 рублёў у месяц пры атрыманні даходу, які падлягае падаткаабкладанню, у суме, якая не перавышае 709 рублёў у месяц;
  • у памеры 34 рублёў (65 рублёў) у месяц на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, навучэнцаў і студэнтаў дзённага аддзялення ці іншых утрыманцаў;
  • у памеры 165 рублёў у месяц для асобных катэгорый фізічных асоб.

Сацыяльныя падатковыя вылікі:

  • у суме выдаткаў на навучанне (сваё, дзяцей, іншых блізкіх сваякоў);
  • на выплату страхавых узносаў па дагаворах добраахвотнага страхавання.

Маёмасныя падатковыя вылікі:

  • у суме выдаткаў на будаўніцтва або набыццё ў Рэспубліцы Беларусь аднакватэрнага жылога дома або кватэры;
  • у суме выдаткаў, панесеных на набыццё маёмасці, даходы ад продажу якога падлягаюць падаткаабкладанню;
  • у памеры 20 % сумы даходаў, якія падлягаюць падаткаабкладанню, атрыманых ад адчужэння маёмасці.

Прафесійныя падатковыя вылікі: 

  • у суме выдаткаў на стварэнне аб’екта аўтарскага права;
  • у памеры 20 %, 30 %, 40 % сумы аўтарскага ўзнагароджання;
  • у суме выдаткаў, звязаных з удзелам спартсменаў і іх трэнераў у спартыўных спаборніцтвах, пры ўмове, што такая дзейнасць ажыццяўляецца не ў рамках каманднага ўдзелу;
  • у памеры 20 % сумы даходаў, якія падлягаюць падаткаабкладанню, атрыманых спартсменамі і іх трэнерамі ад ажыццяўлення асабістай дзейнасці за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

Для плацельшчыкаў, якія падаюць дэкларацыю выключна ў мэтах атрымання падатковых вылікаў па падаходным падатку, тэрмін яе прадстаўлення не абмежаваны 31 сакавіка.

Што трэба зрабіць, каб вярнуць падатак? Падаць у падатковы орган дэкларацыю за 2020 год. Да дэкларацыі абавязкова павінна быць прыкладзеная даведка ад падатковага агента (арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка) аб налічаным даходзе і ўтрыманым падатку па вызначанай форме. Пасля гэтага трэба адлюстраваць у падатковай дэкларацыі звесткі аб праве фізічнай асобы на атрыманне пэўных падатковых ільгот. Да дэкларацыі павінны быць прыкладзеныя дакументы, якія пацвярджаюць права грамадзяніна на атрыманне падатковых ільгот.

Пасля таго, як падатковы орган зробіць пераразлік падаходнага падатку і разлічыць суму падатку да вяртання, напісаць заяву на вяртанне падатку па форме згодна з дадаткам 19 да пастановы Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2013 № 14 «Аб ажыццяўленні падатковымі органамі адміністрацыйных працэдур і ўстанаўленні формаў дакументаў».

Вяртанне падатку ажыццяўляецца двума спосабамі:

  • на рахунак, адкрыты ў банку, у тым ліку карт-рахунак;
  • наяўнымі грашовымі сродкамі з касы банка, у якім абслугоўваецца падатковы орган.

Калі фізічная асоба жадае вярнуць падатак на свой банкаўскі рахунак, то ў заяве на вяртанне падатку неабходна ўказаць рэквізіты банкаўскага рахунку: нумар і тып рахунку, найменне банка, код банка, код валюты. На працягу 15 рабочых дзён з моманту падачы заявы на вяртанне падатку атрымаць грошы.

І напрыканцы…

Падатковую дэкларацыю цяпер можна падаваць у любой інспекцыі незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік або ў электронным выглядзе праз «Асабісты кабінет падаткаплацельшчыка».

Падаходны падатак, вылічаны падатковым органам на падставе прадстаўленай фізічнай асобай падатковай дэкларацыі за 2020 год, падлягае выплаце ў бюджэт у тэрмін не пазней за 1 чэрвеня 2021 года. Аплаціць згаданы падаходны падатак можна і праз «Асабісты кабінет плацельшчыка».

Парушэнне тэрміну прадстаўлення ў падатковы орган дэкларацыі за 2020 год цягне накладанне штрафу ў памеры дзвюх базавых велічынь з павелічэннем яго на 0,5 базавай велічыні за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але не больш за 10 базавых велічынь. Для даведкі: з 1 студзеня 2021 года базавая велічыня складае 29 рублёў. Такім чынам, памер штрафу можа скласці ад 58 да 290 рублёў.

Парушэнне фізічнай асобай тэрміну аплаты падаходнага падатку (1 чэрвеня 2021 года), вылічанага на падставе прадстаўленай падатковай дэкларацыі за 2020 год, калі неаплачаная ці не цалкам аплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню, цягне накладанне штрафу ў памеры 15 % ад неаплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні. Такім чынам, памер штрафу складае ад 14,5 рубля і больш.

Сяргей Куркач, «Звязда», 13 студзеня 2021 г.