Службе аховы – 65! Адзінтсва слоў, учынкаў, думак. Старонкі гісторыі.

29 кастрычніка 1952 года саюзны Саўмін прыняў рашэнне аб утварэнні службы, якая павінна была змяніць ведамасную ахову прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і павысіць яе якасны ўзровень.

У Крычаве ўжо дзейнічалі два буйных заводы: цэментны і гумавых вырабаў, якія выпускалі прадукцыю для ўсёй рэспублікі. Таму менавіта тут і з’віўся ў хуткім часе (дарэчы, па ініцыятыве мясцовых уладаў) першы ў вобласці аддзел аховы.

Яшчэ да нараджэння 1 сакавіка 1959-га аддзела пазаведамаснай вартавой аховы ў Магілёве, ў ім працавалі спецыяльныя брыгады, якія падпарадкоўваліся тэрытарыяльным органам унутраных спраў. Узначаліў новае падраздзяленне былы супрацоўнік УНКУС Магадана капітан міліцыі Міхаіл Аляксеевіч Рыкаў, які кіраваў службай 12 гадоў. У тым жа 59-ым у калектыве было арганізавана міліцэйскае аддзяленне.

З самага пачатку сваёй дзейнасці ахоўнікі пачалі выкарыстоўваць у працы прасцейшую аўтаномную, пераважна, электрагукавую сігналізацыю, якой абсталявалі, найперш, аб’екты гандлю і грамадскага харчавання. Дзверы, вокны, вітрыны, люкі, дахавыя перакрыцці і іншыя месцы абараняліся з дапамогай кантактна-дротавых датчыкаў а на фасадзе ўстанаўліваліся сродкі падачы гукавых і светлавых сігналаў трывогі.

Пасля Міхаіла Рыкава службу два гады ўзначальваў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Якаў Міронавіч Забалоцкі, Яму падпарадкаваліся 16 супрацоўнікаў, толькі палову з якіх складалі афіцэры. Усяго ў ахове было сто міліцыянераў. Пры новым начальніку, пасля пастановы саюзнага Саўміна ад 8 лютага 1965 года ведамасная ваенізаваная ахова перадала пазаведамаснай больш за сотню аб’ектаў. На абхадных пастах замест вартаўнікоў сталі з’яўляцца мотапатрулі, у склад якіх уваходзілі інспектар аховы і інспактар-матацыкліст. З іх увядзеннем перыядычнасць агляду павялічылася больш чым удвая. Маршруты руху састаўляліся такім чынам, каб уначы праводзіць агляд не менш за шэсць разоў. На пачатку 1965-га дзейнічалі ўжо восем экіпажаў.

Вялася напружаная праца з кіраўнікамі рознага рода і прызначэння аб’ектаў па ўдасканаленню аховы матэрыяльных каштоўнасцяў. Дапамогу ў гэтым аказвалі абласныя ўлады. Паляпшэнне, такім чынам, самой арганізацыі справы, укараненне тэхнікі дазволілі скараціць за тры гады колькасць асабістага складу пазаведамаснай аховы на 30 адсоткаў і перайсці з васьмігадзіннага на сямігадзінны працоўны дзень. Працаўнікі пачалі атрымліваць пры гэтым спецвопратку і абутак. Ваенізаваныя стралкі малодшага і сярэдняга каманднага складу забяспечваліся рэчавай маёмасцю. Вартаўнікам выдавалі пры неабходнасці на час нясення службы гладкаствольную, а ў асобных выпадках – наразную зброю, якой былі ўжо забяспечаны ваенізаваныя калегі.

У 1966-ым службу ўзначаліў яшчэ адзін былы франтавік – Васіль Яшкоў, які кіраваў да 1974-га, і першым з кіраўнікоў абласной аховы атрымаў званне палкоўніка. Пры ім, з мэтай папярэджання крадзяжоў, больш актыўна арганізоўвалі рэгулярнае абследаванне прамысловых прадпрыемстваў, будоўляў, баз, складоў і магазінаў. Іх кіраўнікам прад’яўляліся патрабаванні па ўмацаванні пабудоў і навядзенні парадку ў захаванні каштоўнасцяў. У неабходных выпадках рыхтаваліся прадстаўленні ў ведамствы альбо мясцовыя партыйныя ці савецкія органы. Тым часам нараджаліся «Магілёўсельмаш», «Тэхнапрыбор», «Хімвалакно», ліфтабудаўнічы завод, лентаткацкая і абутковая фабрыкі, іншыя буйнейшыя нават у Еўропе прадпрыемствы. Яны патрабавалі пільных вачэй, якімі рабіліся новыя ахоўныя падраздзяленні.

У 1966-ым было ўжо дзевяць аддзелаў – Магілёўскі, Кастрычніцкі, Бабруйскі, Крычаўскі, Горацкі, Быхаўскі, Касцюковіцкі, Асіповіцкі і Клімавіцкі. У тым жа годзе ў абласным аддзеле было створана аддзяленне тэхнічных сродкаў, якое ўзначаліў Міхаіл Чаплыгін. Пад яго кіраўніцтвам у Магілёве і Бабруйску ўкаранілі першыя пульты цэнтралізаванага назірання (ПЦН) — сігналы трывогі паступалі па тэлефонных лініях. Тады ж прынялі пад нагляд першую кватэру.

У жніўні 1974-га Міхаіл Чаплыгін быў прызначаны начальнікам аддзела пазаведамаснай аховы абласнога ўпраўлення міліцыі, а з 1982-га займаў пасаду намесніка начальніка Ўпраўлення аховы пры МУС БССР. Перад тым, як Міхаіл Рыгоравіч прыняў абласную службу, у ёй было на тры падраздзяленні больш — прыбавіліся Ленінскі аддзел у Магілёве, аддзяленні ў Кіраўску ды Чэрыкаве. А Клімавіцкае аддзяленне стала першым з мелкіх падраздзяленняў, у якіх пачалі ўстанаўлівацца пункты цэнтралізаванага назірання.

+построение-развод1

У Магілёве працаваў ПЦН на дзве тысячы нумароў. Першапачаткова ён размяшчаўся ў памяшканні аблупраўлення, пазней разышоўся па аддзелах. Першым аўтаматызаваным пультам стаў на пачатку васьмідзясятых «Сатурн-М», які выкарыстоўваўся для аховы гаражоў. Нарадзіліся тады і новыя падраздзяленні – Цэнтральны (Магілёў) і Шклоўскі аддзелы, Мсціслаўскае і Краснапольскае аддязяленні. Бабруйскі гараддзел рэарганізавалі ў Ленінскі і Першамайскі аддзелы горада. Ахова вобласці налічвала 4500 чалавек, з іх 320 былі міліцыянерамі.

У 1982-ім службу ўзначаліў падпалкоўнік міліцыі Уладзімр Восіпавіч Хлус, на змену якому прыйшоў праз тры гады маёр міліцыі, будучы генерал-маёр міліцыі Барыс Васілевіч Алданаў, які пазней працаваў намеснікам Міністра ўнутраных спраў.

Пасля Алданава, з 1986-га, тры гады аховай кіраваў падпалкоўнік міліцыі Анатоль Фёдаравіч Гарэлікаў. У тыя часы вобласць пастаянна займала перадавыя пазіцыі ў рэспубліцы. У 1984-ым, напрыклад, у Магілёве трывала замацаваўся аўтаматызаваны ПЦН «Цыклон». Яго вопытны ўзор скарыстоўваўся для аховы ў 1980-ым алімпійскага гарадка.

З прыходам у 1989-ым на пасаду начальніка падпалкоўніка міліцыі Барыса Міхайлавіча Лявіцкага пачалі сваё жыццё яшчэ тры новыя падраздзяленні. Гэта Клічаўскае, Глускае і Чавускае аддзяленні.

У 1993-ім абласны аддзел пераўтварылі у абласное ўпраўленне. З’явіліся асобныя службы: тылавога забеспячэння, кадраў, штаб, інспекцыя па асабістаму складу, фінансава-эканамічная і ліцэнзійна-кантрольная. Сфера дзейнасці значна пашырылася. І тут проста не магла не прыйсці на дапамогу легендарная аўтаматызаваная сістэма «Алеся»! Упершыню яна была ўстаноўлена ў 1995-ым у Цэнтральным райаддзеле Магілёва. Трэба зазначыць, што ахоўнай справай займаліся і 46 прыватных арганізацый, у якіх служба выйграла канкурэнтную барацьбу.

У кастрычніку 2000 г. начальнікам упраўлення года стаў палкоўнік міліцыі Ігар Анатолевіч Печкуроў. Раней ён кіраваў кадравым апаратам, затым штабам упраўлення.

З 2003 па 2005 г.г. абласное ўпраўленне ўзначальваў палкоўнік міліцыі Мікалай Папруга. Разумны, адукаваны, просты і зразумелы кіраўнік. Ён здолеў пабудаваў службу так, што кожны падначалены прадэманстраваў самы максімальны вынік.

Справу папярэднікаў прадоўжылі міліцэйскія палкоўнікі Аляксандр Іванавіч Ракусаў і Віктар Мікалаевіч Бутрымаў. Першы кіраваў упраўленнем шэсць гадоў, другі – з 2012-га па 2014-ы. Колькасць падраздзяленняў павялічылася да 18. У іх складзе налічвалася амаль тры тысячы супрацоўнікаў, з іх больш за тысячу міліцыянераў. Ахоўвалася каля 3730 абектаў і 12 500 кватэр.

Сёння абласное ўпраўленне аховы паспяхова ўзначальвае крэатыўны і адказны палкоўнік міліцыі Аляксандр Канстанцінавіч Сітко. Кожны рэгіён вобласці знаходзіцца пад надзейнай абаронай мясцовых «соў». Служба працягвае развівацца і ўдасканальвацца, у чым ёй актыўна дапамагаюць ветэраны, да якіх кіраўніцтва ставяцца з павагай і разуменнем.

Уладзімір Барысенка,
старшы інспектар Цэнтра культурна-выхаваўчай работы Дэпартамента аховы МУС.